Для спартсменаў, артыстаў і топ-мэнэджараў зробяць выключэнне.

З 1 студзеня 2015 года ў Расіі плануецца павялічыць колькасць экзаменаў для мігрантаў, якія прыязджаюць на працу з суседніх краін. Да ўжо існуючых іспытаў па рускай мове дададуцца тэсты па гісторыі Расіі і асновах заканадаўства, паведамляе ВВС. Законапраект, які разглядае ў першым чытанні Дзярждума, прадугледжвае, што без здачы экзаменаў прыезджым будзе немагчыма атрымаць дазвол на працу ў РФ. Пры гэтым тэсты будуць платнымі, кошт іх складзе каля 5 тысяч рублёў. Сертыфікат, атрыманы мігрантам, будзе дзейнічаць у плыні пяці гадоў.

У Дзярждуме тлумачаць, што гэта новаўвядзенне закране ў першую чаргу тых прыезджых, якія плануюць працаваць у сферы ЖКГ, гандлю і сацыяльнага абслугоўвання. А вось высокакваліфікаваных мігрантаў паводле новага законапраекта гэтае правіла не закране. Акрамя гэтага, выключэнні могуць быць зробленыя для артыстаў, спартсменаў і топ-мэнэджараў буйных кампаній.

У Дзярждуме падкрэслілі, што неабходнасць гэтага законапраекта выкліканая імкненнем не дапусціць сацыяльнай напружанасці ў грамадстве. На думку дэпутатаў, самі мігранты павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб ведаць мову, гісторыю і законы краіны, у якую яны прыязджаюць.